Першы DVD ад «Ляпісаў»
Да гэтага афіцыйнае відэаўвасабленьне жывога «Ляпіса Трубяцкога» было выдадзена ажно ў 1996 годзе. Прадусар гурта Яўген Калмыкоў патлумачыў, чаму тады відэакасэта «Сьмяротнае вясельле» была зьнятая з продажу і чаму праз 12 год пасьля тых падзеяў «Ляпісы» дазволілі сябе зьняць на канцэрце.
Гурт «Ляпіс Трубяцкой» прэзэнтуе свой першы DVD у маскоўскім клюбе «Тень» 15 лютага. Канцэрт, зьмешчаны на дыску, таксама запісаны ў Маскве – у клюбе «Точка» ў верасьні 2007. Але прадусары каманды абяцаюць, што ў Беларусі яго таксама можна будзе набыць.
Аснова гэтай праграмы – песьні з альбома «Капітал». Здымкі відэа ажыцьцяўляла рэжысэрская група Videohead пад кіраўніцтвам Віталя Чыжова, беларуса, які зьехаў працаваць у Маскву некалькі год таму. Для «Ляпісаў» гэты чалавек – асаблівы, бо ходзіць на іх канцэрты ад моманту заснаваньня гурта, ужо 18 год.
Чыжоў кажа, што «Ляпісы» на ягоны «вельмі суб'ектыўны погляд» – адна зь лепшых канцэртных групаў постсавецкай прасторы: «Яшчэ важней тое, што яны захавалі такую хвалюючую атмасфэру рок-музыкі пачатку 90-х год. Вось яе мы і намагаліся перадаць», - дадае Віталь.
У гісторыі «Ляпісаў» да гэтага толькі аднойчы здымалі афіцыйна іх канцэрт. У 1996 годзе на відэакасэтах у Беларусі выйшла іх праграма «Сьмяротнае вясельле». Цяпер гэта – адзін з галоўных рарытэтаў, датычных творчасьці гурта.
«Тады даволі хутка „Сьмяротнае вясельле“ было зьнятае з продажу, - кажа прадусар гурта Яўген Калмыкоў. – Усё ж запіс не атрымаўся такім, як мы хацелі. З гэтай прычыны і наважваліся такі доўгі час рабіць падобны рэліз». Але цяпер на меркаваньне музыкаў і прадусараў – выйшла як мае быць.